МІКАЛА́Й КУЗА́НСКІ [Nicolaus Cusanus; сапр. Крэбс (Krebs); 1.8.1401, г. Бернкастэль-Кус, Германія — 11.8.1464],

нямецкі філосаф, багаслоў, царк. і паліт. дзеяч. Скончыў Падуанскі ун-т (1424). Манах-аўгусцінец. Удзельнік Базельскага і Ферара-Фларэнційскага сабораў. З 1433 чл. папскай курыі, саветнік папы Пія II, кардынал (1448). Крыніцай пазнання лічыў вопыт. Зыходзячы з ідэй неаплатанічнай дыялектыкі і ням. містыкі, развіў вучэнне пра абсалют як супадзенне процілегласцей (канечнага і бясконцага, найменшага і найбольшага, адзінага і множнага і г.д.) і палажэнні аб ролі матэм. паняццяў для пазнання прыроды, існаванні бясконца малых велічынь і інш. Аўтар матэм. трактатаў, адзін з папярэднікаў касмалогіі Каперніка; сцвярджаў, што Зямля не з’яўляецца цэнтрам Сусвету і падобная на інш. планеты. Стварыў першыя геагр. карты Цэнтр. і Усх. Еўропы.

П.: Рус. пер.Соч. Т. 1—2. М., 1979—80.

т. 10, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)